Нормативные правовые акты
и международные документы,
касающиеся прав детей в Республике Беларусь
Нормативные правовые акты и международные документы, касающиеся прав детей в Республике Беларусь
ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 студзеня 1990 г. № 3094-XІ
Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь
Изменения и дополнения:
Закон Республики Беларусь от 13 июля 1998 г. № 187-З (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 28, ст. 461) – новая редакция <H19800187>;
Закон Республики Беларусь от 22 декабря 2005 г. № 76-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 6, 2/1173) <H10500076>;
Закон Республики Беларусь от 10 мая 2007 г. № 225-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 2/1321) <H10700225>;
Закон Республики Беларусь от 9 ноября 2009 г. № 51-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2009 г., № 276, 2/1603) <H10900051>;
Закон Республики Беларусь от 16 ноября 2010 г. № 190-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2010 г., № 287, 2/1742) <H11000190>;
Закон Республики Беларусь от 3 июля 2011 г. № 278-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2011 г., № 77, 2/1830) <H11100278>;
Закон Республики Беларусь от 10 июля 2012 г. № 426-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 26.07.2012, 2/1978) <H11200426>;
Закон Республики Беларусь от 3 января 2013 г. № 15-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 09.01.2013, 2/2013) <H11300015>;
Закон Республики Беларусь от 4 января 2021 г. № 82-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 07.01.2021, 2/2802) <H12100082>;
Закон Республики Беларусь от 17 июля 2023 г. № 300-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 25.07.2023, 2/3020) <H12300300>
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 1. Мэты заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь
Заканадаўства аб мовах мае на мэце ўрэгуляванне адносін у галіне развіцця і ўжывання беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, ахову правоў i свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (далей, калі не вызначана іншае, – грамадзяне) у гэтай сферы, выхаванне паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы, далейшае ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва народаў.
Артыкул 2. Дзяржаўныя мовы, іншыя мовы ў Рэспубліцы Беларусь
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.
Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам ствараюць грамадзянам неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі.
Закон не рэгламентуе ўжывання моў у неафіцыйных зносінах, у зносінах членаў працоўных калектываў паміж сабой.
Артыкул 3. Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай
Грамадзяне маюць права карыстацца іх нацыянальнай мовай і выбіраць мову зносін.
Артыкул 4. Абавязак кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый валодаць беларускай і рускай мовамі
Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.
Артыкул 5. Гарантыі правоў грамадзян пры звароце ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі
Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі павінны прымаць і разглядаць звароты, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай або рускай мове.
Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай або рускай мове са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Адказ на зварот афармляецца на мове звароту.
Артыкул 6. Абарона моў
Усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя.
Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць.
ГЛАВА 2
МОВА ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ I IНШЫХ АРГАНIЗАЦЫЙ
Артыкул 7. Мова актаў дзяржаўных органаў і органаў мясцовага кіравання і самакіравання
Акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
Акты органаў мясцовага кіравання і самакіравання прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах, а пры неабходнасці – і на нацыянальнай мове большасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці.
Артыкул 8. Мова справаводства і дакументацыі
У Рэспубліцы Беларусь мовамі справаводства і дакументацыі, а таксама мовамі ўзаемаадносін дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый з’яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.
Тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
Артыкул 9. Мова тэхнічнай і праектнай дакументацыі
Тэхнічная і праектная дакументацыя ў Рэспубліцы Беларусь рыхтуецца на беларускай або рускай мове, а з улікам прызначэння – на іншай мове.
Артыкул 10. Мова дакументаў аб статусе грамадзян Рэспублікі Беларусь
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, ідэнтыфікацыйная картка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, біяметрычны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, біяметрычны дыпламатычны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і біяметрычны службовы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь выконваюцца на беларускай, рускай і англійскай мовах, а пасведчанні аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану – на беларускай і рускай мовах.
Дакументы аб статусе грамадзян Рэспублікі Беларусь, не прадугледжаныя часткай першай гэтага артыкула, выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах, а пры неабходнасці і на іншай мове.
Артыкул 11. Мова з’ездаў, канферэнцый і іншых форумаў
У Рэспубліцы Беларусь рабочымі мовамі з’ездаў, сесій, канферэнцый, пленумаў, пасяджэнняў, нарад, іншых сходаў з’яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.
Рабочай мовай міжнародных сходаў і форумаў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца мова, вызначаная ўдзельнікамі сходу ці форуму.
Удзельнікам мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных сходаў і форумаў гарантуецца права выбіраць мову выступленняў з забеспячэннем перакладу на рабочую мову.
Артыкул 12. Мова дакументаў па выбарах, рэферэндумах
Дакументацыя па выбарах, рэферэндумах афармляецца на беларускай або рускай мове.
Бюлетэні па выбарах, бюлетэні для галасавання друкуюцца на беларускай або рускай мове.
Артыкул 13. Мова ў сферы абслугоўвання
На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова, а пры неабходнасці – іншыя мовы.
Артыкул 14. Мова судаводства
У Рэспубліцы Беларусь судаводства вядзецца на беларускай і (або) рускай мовах.
Пры разглядзе ў судах крымінальных і грамадзянскіх спраў, гаспадарчых спрэчак асобам, што прымаюць удзел у справе і не валодаюць мовай судаводства, забяспечваюцца права азнаямлення з адпаведнымі матэрыяламі, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на мове, якой яны валодаюць.
Следчыя і судовыя дакументы выдаюцца асобам, што прымаюць удзел у справе, па іх патрабаванню ў перакладзе на мову, якой яны валодаюць.
Артыкул 15. Мова вядзення спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях
Вядзенне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на беларускай і (або) рускай мовах.
Калі асоба, што прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, не валодае мовай, на якой вядзецца справа, яна можа выступаць на роднай мове і карыстацца дапамогай перакладчыка.
Артыкул 16. Мова натарыяльнага справаводства
Натарыяльнае справаводства ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай або рускай мове.
Калі асоба, якая звярнулася за выкананнем натарыяльнага дзеяння, не валодае мовай, на якой вядзецца натарыяльнае справаводства, пераклад тэксту дакумента, які афармляецца, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб натарыяце.
Артыкул 17. Мова пракурорскага нагляду
Акты пракурорскага нагляду ў Рэспубліцы Беларусь складаюцца на беларускай або рускай мове. Пры ажыццяўленні пракурорскага нагляду на гэтых мовах вядзецца і перапіска з усімі дзяржаўнымі органамі i iншымі арганiзацыямі, размешчанымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
У зносінах з органамі пракуратуры, пракурорскага нагляду іншых дзяржаў выкарыстоўваецца прымальная для бакоў мова.
Артыкул 18. Мова юрыдычнай дапамогі
Юрыдычная дапамога грамадзянам і арганізацыям аказваецца на беларускай ці рускай мове або на прымальнай для бакоў мове.
Артыкул 19. Мова міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь
Міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь заключаюцца на беларускай і (або) рускай мовах і мове (мовах) іншага боку (іншых бакоў) міжнароднага дагавора або па дамоўленасці бакоў на адной ці некалькіх замежных мовах.
У выпадку заключэння міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь на адной ці некалькіх замежных мовах ён павінен суправаджацца афіцыйным перакладам на беларускую і (або) рускую мовы.
Артыкул 20. Мова ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь
Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь ужываюцца беларуская і (або) руская мовы.
ГЛАВА 3
МОВА АДУКАЦЫІ, НАВУКІ I КУЛЬТУРЫ
Артыкул 21. Права на атрыманне адукацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь
Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад’емнае права на атрыманне адукацыі на беларускай і (або) рускай мовах. Гэта права забяспечваецца сістэмай дашкольнай адукацыі, сістэмай агульнай сярэдняй адукацыі, сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сістэмай сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сістэмай вышэйшай адукацыі, сістэмай навукова-арыентаванай адукацыі, сістэмай спецыяльнай адукацыі, сістэмай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сістэмай дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, сістэмай дадатковай адукацыі дарослых.
Права грамадзян на выбар навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў адукацыі, класаў, груп, патокаў з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, выданнем літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай і рускай мовах.
Педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі.
Артыкул 22. Мова навучання і выхавання пры атрыманні дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі
У Рэспубліцы Беларусь пры атрыманні дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
У адпаведнасці з пажаданнямі выхаванцаў, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненым з Міністэрствам адукацыі, могуць стварацца групы ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх выхаванцы вывучаюць мову нацыянальнай меншасці, класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучэнцы вывучаюць мову і літаратуру нацыянальнай меншасці.
Пры атрыманні агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі вывучэнне дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, а таксама адной з замежных моў навучэнцамі, за выключэннем некаторых катэгорый асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з’яўляецца абавязковым. Катэгорыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і парадак вывучэння імі моў вызначаюцца Міністэрствам адукацыі.
Ад вывучэння беларускай або рускай мовы могуць быць вызвалены замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Парадак вывучэння беларускай і рускай моў замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, вызначаецца Міністэрствам адукацыі.
Абавязковая для вывучэння замежная мова вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам патрэб дзяржавы і магчымасцей установы адукацыі.
Ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, навучанне і выхаванне пры наяўнасці ўмоў і па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі могуць ажыццяўляцца на замежнай мове.
Артыкул 23. Мова навучання і выхавання пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, навукова-арыентаванай адукацыі
У Рэспубліцы Беларусь пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, навукова-арыентаванай адукацыі навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы навучэнцамі, за выключэннем некаторых катэгорый асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з’яўляецца абавязковым. Катэгорыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і парадак вывучэння імі моў вызначаюцца Міністэрствам адукацыі. Ад вывучэння беларускай мовы могуць быць вызвалены замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.
Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адначасовым атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне беларускай, рускай і адной з замежных моў навучэнцамі, за выключэннем некаторых катэгорый асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з’яўляецца абавязковым. Катэгорыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і парадак вывучэння імі моў вызначаюцца Міністэрствам адукацыі. Ад вывучэння беларускай або рускай мовы могуць быць вызвалены замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Парадак вывучэння дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, вызначаецца Міністэрствам адукацыі.
Ва ўстановах адукацыі, арганізацыях, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы навукова-арыентаванай адукацыі, пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, навукова-арыентаванай адукацыі навучанне і выхаванне пры наяўнасці ўмоў і па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі могуць ажыццяўляцца на замежнай мове.
Артыкул 24. Мова навучання і выхавання пры атрыманні дадатковай адукацыі
У Рэспубліцы Беларусь пры атрыманні дадатковай адукацыі навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
Ва ўстановах адукацыі пры атрыманні дадатковай адукацыі навучанне і выхаванне пры наяўнасці ўмоў і па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі могуць ажыццяўляцца на замежнай мове.
Артыкул 25. Мова ў сферы навукі
У Рэспубліцы Беларусь вынікі навукова-даследчых работ афармляюцца на беларускай або рускай мове.
Выканаўцы навукова-даследчых работ могуць выбіраць мову публікацый навуковых вынікаў.
Артыкул 26. Мова ў сферы культуры
У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з’яўляюцца беларуская і (або) руская мовы. Гарантуецца захаванне і развіццё культуры на мовах іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у рэспубліцы.
ГЛАВА 4
МОВА ІНФАРМАЦЫІ I СУВЯЗІ
Артыкул 27. Мова сродкаў масавай інфармацыі
У Рэспубліцы Беларусь мовамі сродкаў масавай інфармацыі з’яўляюцца беларуская і (або) руская, а таксама мовы іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у рэспубліцы.
У сродках масавай інфармацыі не дапускаецца скажэнне агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы.
Артыкул 28. Мова работы пошты і тэлеграфа
У межах Рэспублікі Беларусь паштова-тэлеграфная карэспандэнцыя ад грамадзян, дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый прымаецца на беларускай або рускай мове.
Пошта і тэлеграф забяспечваюцца маркамі, канвертамі, паштоўкамі, бланкамі і г.д., надпісы на якіх выконваюцца на беларускай або рускай мове і адпавядаюць патрабаванням актаў Сусветнага паштовага саюза і Міжнароднага саюза электрасувязі.
Артыкул 29. Мова аб’яў, паведамленняў і рэкламы
Тэксты афіцыйных аб’яў, паведамленняў, плакатаў, афіш і іншай інфармацыі выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
Рэклама на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь размяшчаецца (распаўсюджваецца) на беларускай і (або) рускай мовах. Гэта палажэнне не распаўсюджваецца на рэкламу, што размяшчаецца (распаўсюджваецца) на радыё, тэлебачанні, у друкаваных выданнях і на інфармацыйных рэсурсах нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, якія размяшчаюць (распаўсюджваюць) інфармацыю выключна на замежных мовах, рэкламу таварных знакаў і (або) знакаў абслугоўвання, а таксама на рэкламу, што змяшчае агульнапрынятыя замежныя тэрміны і абазначэнні, якія ўвайшлі ў прымяненне ў арыгінальным напісанні і (або) не маюць абазначэння на беларускай і (або) рускай мовах, выкананыя на замежнай мове назвы тавараў, творчыя псеўданімы, арыгінальныя назвы творчых калектываў, твораў, культурных, спартыўных, спартыўна-масавых, турыстычных мерапрыемстваў, спаборніцтваў, конкурсаў, узнагарод, каманд спартсменаў, даменныя імёны сайтаў або запрашэнні на работу ці вучобу асоб, якія свабодна валодаюць замежнымі мовамі.
У рэкламе дапускаецца выкарыстанне разам з беларускай і (або) рускай мовамі замежнай мовы пры ўмове ідэнтычнасці па зместу і тэхнічнаму афармленню тэксту на замежнай мове тэксту на беларускай і (або) рускай мовах.
Артыкул 30. Мова маркіроўкі тавараў
Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанню таварамі выконваюцца на беларускай або рускай мове.
Маркіроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Рэспублікі Беларусь, выконваецца на беларускай ці рускай мове або на мове заказчыка.
Назвы ў таварных знаках падаюцца на беларускай або рускай мове.
ГЛАВА 5
МОВА НАЗВАЎ (НАЙМЕННЯЎ)
Артыкул 31. Мова назваў дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый
Афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый даюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Пры неабходнасці гэтыя назвы могуць давацца ў перакладзе на іншую мову.
Артыкул 32. Мова тапонімаў і картаграфічных выданняў
У Рэспубліцы Беларусь тапонімы (найменні населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і г.д.) даюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову.
Найменні геаграфічных аб’ектаў, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь (акрамя геаграфічных аб’ектаў, адкрытых беларускімі даследчыкамі), перадаюцца з іншых моў на беларускую і рускую мовы ў адпаведнасці з традыцыяй іх напісання на мове арыгінала, а змененыя або новыя – у транслітарацыі з мовы арыгінала.
Картаграфічныя выданні, прызначаныя для карыстання ў Рэспубліцы Беларусь, рыхтуюцца і друкуюцца на беларускай або рускай мове.
Артыкул 33. Мова асабовых імён
Беларускія (рускія) асабовыя імёны і прозвішчы ўжываюцца ў адпаведнасці з нацыянальнай іменаслоўнай традыцыяй, нормамі і правіламі беларускай (рускай) мовы.
Асабовыя імёны і прозвішчы з іншых моў пішуцца і ўжываюцца на беларускай (рускай) мове ў адпаведнасці з правіламі перадачы іншамоўных уласных імён.
ГЛАВА 6
САДЗЕЙНІЧАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНАМУ РАЗВІЦЦЮ ЭТНІЧНЫХ БЕЛАРУСАЎ, ЯКІЯ ЖЫВУЦЬ ЗА МЕЖАМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 34. Садзейнічанне нацыянальна-культурнаму развіццю этнічных беларусаў, якія жывуць за межамі Рэспублікі Беларусь
Рэспубліка Беларусь на аснове пагадненняў з іншымі дзяржавамі садзейнічае нацыянальна-культурнаму развіццю этнічных беларусаў, якія жывуць у гэтых дзяржавах.
Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права садзейнічае задавальненню нацыянальна-культурных інтарэсаў асоб беларускага паходжання, якія жывуць у замежных краінах.
Старшыня Прэзідыума | М.Дземянцей |
|
|
Сакратар Прэзідыума | Л.Сыраегіна |
![]() |
||||
|